«Информационно-медийный ресурс по гражданско-патриотическому воспитанию
"Наша задача-дать поколению такие ориентиры,которые помогут каждому стать настоящим патриотом и гражданином"
А.Г. Лукашенко
АБРАД “ УВАХОДЗІНЫ”
Вясковая хата. Усюды прыбрана, чыста,святочна. Стаіць стол, накрыты абрусам,у вугле стаіць печ. У хаце гаспадары – Зоська і Мацейка. Чакаюць гасцей.
Заходзіць маці, бацька і сястра Зоські.
Маці: Добры вечар вам, дзеткі! Віншуем вас з наваселлем, з новай хатай, з новай сялібай(кідае зерне на чатыры куты.).Дай божа, вам здароўя ў гэтай хатцы. Каб у вас заўседы кружыў бусел над гэтым дахам; каб ніколі не завадзіўся хлеб на стале, хлявы былі поўныя ўсякай жывелы:кароў шмат, і коні, свіней і авечак, а куры, каб неслі па возу яечак. А гэта, дачушка, я табе прынесла ручнікі, каб новую хату прыбраць.Калісьці ў маладосці з матулей вышывала, ткала, таму і табе перадаю, каб ты тонка прала і звонка ткала. Зоська, дачушка, а ці ўсё ты зрабіла так, як я цябе вучыла?
Зоська: А як жа мамачка. І ката першага пусцілі ў хату, і клубочак з ніткамі Мацей кінуў. Я за канец ніткі дзяржалася, а Мацейка яе змотваў, так і ўвёў мяне ў хату.
Сястра: А мы ў гаспадарку прынеслі гаршочак з медам, трэба памазаць ім усе 4 куты, каб ваша жыццё было салодкім, каб адзін аднаго кахалі, каб сваякоў не забывалі.
(Мажа вуглы).
Бацька: Дару табе, зяцёк, шчасце і долю, і стары куст, каб не быў двор пуст, каб адзін аднаго любілі і бацькоў не забывалі.
(Дорыць).
Зоська: Ой ,якія прыгожыя ручнікі,мамачка.А я іх зараз жа павешу, пакуль нікога няма.Сястрычка, дапамажы.
Сястра: Дапамагу, дапамагу.
(Заходзіць сятра Мацея з дзяўчынкай.)
Мацей: А во і сястрыца мая з’явілася, не спазнілася.
Сястра: Здароў, братуха. Я гляжу ў вас ужо і госці збіраюцца.
(Вітаюцца)
Зоська: (да дзяўчынкі) Крысцінка, а што гэта ў цябе такое?
Крысцінка: А гэта вам падарунак. Бабка Марыля ўчора казала, што надта прыкмета добрая, калі ў новую хату прынясуць качаргу.
Зоська: Дзякуем. Сапраўды незвычайны падарунак.
( Дае цукеркі ).
Сястра: Я, браточак і нявестачка, першы раз у вас у хаце, так жадаю вам, каб ніколі хлеб у вас не зводзіўся, каб жылі вы багата і шчастліва.
(Кладзе скарыначку хлеба і грошы на печ.)
А гэта вам на каравай з новага ўраджаю.
(Уваходзіць хросная.)
Хросная: Вечар добры дачушка. Вечар добры таму,хто ў гэтым даму.
Зоська: І сапраўды добры. А мае ж вы, родненькія, праходзьце.
Хросная: Мая ж ты дачушка, хрэснічка, куды ж тут і сесці, так хораша прыбрана. Я ж табе калаўрот прынесла, каб ты вучылася прасці, а потым вязаць рукавічкі, шкарпэткі для дзяцей.
Гападары: Дзякуем, дзякуем, а цяпер пройдзем частавацца.
(Чуецца гоман, стук у дзверы, заходзць хлопец з дзяўчынай…)
Дзяўчына: (з падковай) Добры вечар вам, ці рады вы нам? Калі вы нам рады, то і мы вам да парады.
Зоська: Рады, рады,заходзьце, калі ласка. Толькі не ступайце на парог, каб не застацца ў адзіноце.
Хлопец: ( з сявенькаю) Прымай, гаспадарочак, сявеньку з жытам,каб радзіла табе збожжа ў пуні кладам, на таку ўмалотам, у дзяжы падызходам, у печы ростам, на стале насытам.
Дзяўчына: А будзь жа весел гаспадарочак, як вясна –красна, а будзь жа багат—як багата восень.
Зоська: Дзякуем за падарункі. Сядайце, даражэнькія, за стол. Будзем кубкі наліваць да вас частаваць.
Зоська: Мацейка, любы мой, запрашай гасцей, а ты чарачка хадзі часцей.
Бацька: Дай жа, божа, гэтай будынцы на пастаянне нашым дзецям на спажыванне і на добрае здароўе. Каб у гэтай хатцы заўседы звінелі дзіцячыя галасы і гучалі вясёлыя песні.
Гучыць песня ”Зяленае жыта”
Зялёнае жыта, зялёна
Зялёнае жыта, зялёна
Зялёнае жыта—асака
Прыехалі госці здаляка.-2р.
Зялёнае жыта, зялёна
Зялёнае жыта, зялёна
Зялёнае жыта і авес
Дарагія госці ў мяне есць.-2р.
Зялёнае жыта, зялёна
Зялёнае жыта, зялёна
Зялёнае жыта за сялом
Дарагія госці за стол.-2р.
(Уваходзиць цетка Лявона.)
Цетка: Добры вечар усім. Паглядзім, што тут у вас робіцца ў двары і скажам,якія вы тут гаспадары. Гаспадарку весці—не барадой трэсці.
Мацей: Сядай, даражэнькая, за стол. Я таксама спадзяюся, што з у нас Зоськай усё будзе добра. Бо я вельмі старанна выбіраў месца над сваю хату. На ноч, на абраным месцы, у выкапанай ямцы пакінуў гаршочак з медам. Кажуць калі з’явяцца мурашкі, то месца выбрана добрае.
Цетка: Ці з’явіліся ж?
Мацей: А як жа. Ды так шмат.
(Уваходзіць баба)
Баба: А мае ж вы ,дзетачкі, я крыху спазнілася. Усё ж праз гэтага старога свайго. Раскіс нешта ён сёння. А мне ж трэба карзінку сабраць, сыркі з клінкоў дастаць, каўбаску з жэрдачкі зняць, кумпячка адрэзаць.
Ідзе да стала, дастае з карзіначкі розныя пачастункі і спявае
Сёння святачка
У новай хатачцы.
Усе падлогі ў іх ды дубовыя,
А сталы стаяць ды багатыя.
Піце госцейкі смачну гарэлку
І хваліце госцейкі
Нашу Зосечку.
Зоська: Вось дзякуй! Вы трошачкі спазніліся. Мы паспелі па чарачца прапусціць.
Мацей: Уладкоўвайцеся, родненькія. Вы няпэўна стаміліся з дарогі. Вось жонка квасок зрабіла смачны, пачастуйцеся.
Хросная: Ой, які добры квасок! Зоська, як ты яго рабіла? Можа і я прыгатую на свята.
(Стук у дзверы, уваходзіць суседка)
Суседка: Прабачайце, даражэнькія. Гэта я да вас у госці. Гэта ж мой, душагуб пракляты ўзяў ды дзверы запер. Ледзь вылезла.
Суседка: Усе ўжо ў зборы. А я толькі цяпер іду. Вось табе, Зоська, дзяжу дарую . А я, калі была дзеўкай, варажыла ёй. Збяромся, бывала на Новы год, паставім дзяжу сярод хаты , а потым ідзем спіной ад парога. Тая, хто сядзе на дзяжу, першай і павінна выйсці замуж.
Дзяўчына: А ці спраўдзілася, ваше гаданне?
Суседка: А як жа.
Баба: Ой, Аленка, а ці ўдаецца ў ёй хлеб?
Суседка: Яшчэ як!
Баба: Вось дзіва! А мая хоць і новая, а хлеб у ёй не ўдаецца. Як набылі мы яе, дык адразу не карысталіся, усе стараліся, усе стараліся “задобрыць”, ставілі разам са старой на адну пасцілачку пад адной накрыўкай, каб “прывыкла”. Завошта ей крыўдзіцца?
Суседка: А мы са сваёй абыходзіліся строга. Калі хлеб не ўдаваўся, ставілі дзяжу на парог уверх дном, утыкалі ў дно лязо нажа і лілі на яе кіпнем. Яшчэ маці мяне вучыла. Калі цеста не падыходзіць, то хлеб, які не ўдасца трэба яшчэ цёплы аддаць свінням.Тады дзяжа абявязкова выправіцца, бо не зможа перанесці такой абразы.
Баба: Вось і я паспрабую так зрабіць.
Маці: Частуйцеся, пара і падсілкавацца. Вось тут на стале ўсе ёсць: і каўбаса, і вантрабяначка, і клубнічка, і грыбочкі, і квасок. Дачка ўсяго нагатавала. Але ж, Зоська, я не бачу нашай галоўнай стравы.
Зоська: Ведаю, ведаю, мамачка, аб чым ты гаворыш. Яна ў меня ў печы стаіць цёпленькая, зараз прынясу.
(Раздаюць)
Мацей: Па аднаму, па аднаму, за 2 не хапайцеся, каб усім хапіла.
Дзяўчына: А вось і залатнічок, мне папаўся.
Зоська: А я, як яго лажыла, дык і загадала, калі маладой дзяўчыне пападзе, то яна селета замуж выйдзе.
Мацей: Зоська, гляжу я на нашу радню і душа радуецца, якая ж яна ў нас вяселая, пявучая.
(Гучаць прыпеўкі)
Ой дзеткі маі,
Што маю казаці,
Каб вы шчастліва жылі
У новай гэтай хаце.
Ой дзеткі маі,
Што маю казаці,
Каб вы шчасліва жылі
У новай гэтай хаце.
Наваселаў маладых
Прыйшла віншаваці
Кожну вясну каб буслы
Неслі па дзіцяці.
Вам, мае вы дарагія,
Ад душы жадаю
Хлявы поўныя жывёлы,
Багатага ўраджаю.
Хата нова, хата нова
Нова гаспадарка,
Каб заўсёды на стале
Была бы чарка,скварка.
Гаспадар я—малады
Ад сала ломяцца сталы.
Гэта добрая прыкмета,
Зоська –спраўная кабета.
Дзякуй, дзякуй, госці, вам
За вашы пажаданні
Піце госцікі, гуляйце
Да святой ранні.
Маці: Бацька, зайграй нам танец. Ногі самі хочуць паскакаць ( “На рэчаньку”)
Баба: Ой, як замарылася. Пара, мае , унучачкі мае, дадому.
Зоська: Пачакай, бабулька, я табе гасцінец сабрала, дзеду зянясеш. А вы, госцікі, сядайце яшчэ за стол і папіце кваску.
(Усе ідуць за стол)
Суседка: Ой,пара і нам ужо дадому. Засядзеліся, пара і дадому.
(развітваюццца. Застаюцца адны бацькі)
Маці: Пойдзем і мы ўжо, дзеткі, шчасця вам, здароўя.
(Развітваюцца і выходзяць.)
Зоська: Вось і разышліся ўсе нашы госці.
Мацей: А нам у гэтай хаце жыць, пажываць ды дабра нажываць.